ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАРТАГРА́ФІЯ,
раздзел картаграфіі, звязаны з сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, эканамічнай геаграфіяй і нар.-гасп. практыкай. Даследуе метады стварэння эканамічных карт і атласаў, распрацоўвае спосабы адлюстравання на картах эканам. з’яў. Выкарыстоўвае прынцыпы і матэрыялы картаграфіі (тапагр. і геагр. аснова карт, метады стварэння карт і спосабы картаграфічнага адлюстравання, картаграфічнай генералізацыі і інш.), сац.-эканам. геаграфіі (змест карт), сац.-эканам. статыстыкі (метады апрацоўкі статыст. матэрыялу).
Тэорыя Э.к. ў СССР мела найб. развіццё ў пач. 1930-х г. ва ўмовах хуткага росту гаспадаркі рэспублік, эканам. раёнаў і галін нар. гаспадаркі (працы М.М.Баранскага, А.І.Праабражэнскага, М.І.Нікішова і інш.). У сучаснай Э.к. важнае значэнне маюць матэм.-картаграфічнае мадэліраванне, аўтаматызацыя і стварэнне адзіных геагр. фондаў даных, матэрыялы касм. здымак і інш.
Пры стварэнні Нац. атласа Беларусі (2002) былі складзены эканам. карты: прам-сці (маштаб 1:2 000 000; уключае размеркаванне прадпрыемстваў прам-сці паводле яе галін на тэр. рэспублікі); асн. галін прам-сці (маштаб 1:2 000 000—1:6 000 000; электраэнергетыка, паліўная, хім. і нафтахім. прам-сць і інш.); знешнегандлёвага абароту (маштаб 1:50 000 000); спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (маштаб 1:2 000 000) і інш.
Літ.:
Баранский Н.Н., Преображенский А.И. Экономическая картография. М., 1962.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)